Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 294 44 54 / тел.
+375 (17) 294 34 95 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС
Рус  Бел  Eng 

«Раскажы аб сваей крыніцы» - крыніцы Валожынскага раёна

02.06.2020 | Новости

Беларусы з асаблівым замілаваннем ставяцца да крыніц. Колькі песень складзена пра гэтыя чыстыя струменьчыкі са сцюдзёнай і смачнай вадой! Лічылася, што крыніцы не толькі наталяюць смагу, але і ратуюць ад хвароб. 

 У нашым раёне рэдка якая вёска не мае паблізу хоць невялічкай ручаінкі. У засушлівыя гады яны могуць знікаць, а ў спрыяльны час з’яўляцца зноў. У вёсцы Вішнева бруіцца адна з самых легендарных крыніц, якая прыжылася ў падножжы старажытнага касцёла і вядома людзям большяк 600 гадоў. З даўніны жыхары навакольных вёсак перад пачаткам Імшы прыходзілі да яе, каб напіцца, трохі адпачыць, абмыць ад пылу ногі і абуцца (абутак жа тады насілі з сабой, гэтак бераглі!). У сярэдзіне мінулага стагоддзя пачалася вайна з рэлігійным дурманам, пад удар трапіла і крынічка: яе засыпалі пяском, утрамбоўвалі камянямі, залівалі бетонам. І вада прапала. 
У 2009 годзе, дзякуючы старанням пробашча касцёла Св. Алены і Сымона ў Мінску, іншым рупліўцам, вішнеўцы зноў змаглі напіцца гаючай вадзіцы. Тут, непадалёку берагоў рэчкі Альшанкі, была створана цэлая ландшафтная кампазіцыя для абрамлення крынічкі. Гэта зараз адно з самых маляўнічых месцаў у Вішневе. Кожны жадаючы можа наведацца сюды, палюбавацца на малады сад, на каменную лесвіцу, якая вядзе да касцёла, на фігурку Маці Божай… І, вядома ж, паспытаць вады, набраць яе з сабой (малюнак 1).

       Не менш легенд і паданняў існуе яшчэ пра адну Святую крынічку. Яна працякае на ўсходняй ваколіцы Ракава, паблізу аўтастрады (малюнак 2). Калі ахарактарызаваць гэты помнік прыроды з навуковага пункту гледжання, то варта адзначыць, што яна мае выхад падземных вод з ніжняй часткі ўзвышша. З глыбіні штодня на паверхню паступае даволі значны аб’ём вады, якая адносіцца да гідракарбанатнага класа кальцыевай групы, мае высокую мінералізацыю, а ўтрыманне забруджваючых мікраэлементаў нязначнае. Абапал крынічкі растуць лугавыя травы, а таксама некаторыя прадстаўнікі лясной расліннасці.

    Свой памятны аб’ект воднай прыроды маюць і жыхары райцэнтра. Напрыканцы вуліцы Кірава існуе цэлая крынічная група. Іх агульная тэмпература ніколі не перавышае 9 градусаў па Цэльсію. Гэта адна з самых прахалодных крыніц на Валожыншчыне (малюнак 3). Узімку, калі праваслаўны святкуюць вадохрышча, тут заўсёды шматлюдна. З кожным годам расце колькасць смельчакоў, гатовых акунуцца ў ваду, не зважаючы на мароз і сцюжу.

Аўтар: Віктар ЯКУТОВІЧ, начальнік Выложынскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Наверх