Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 294 44 54 / тел.
+375 (17) 294 34 95 / факс
08.00 - 17.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС

Якiя мы гаспадары - такiя нашыя двары

06.04.2018 | Новости районных инспекций
Якiя мы гаспадары - такiя нашыя двары
Шмат адметных традыцый ёсць на Беларусі. Але, бадай, адной з самых шчырых з’яўляецца звычай працаваць талакою. Гэта значыць сумесна, адным гуртам. Калісьці цэлымі мястэчкамі нашы продкі дапамагалі аднавяскоўцам будавацца, жаць, касіць альбо выконваць іншыя гаспадарчыя работы.

Сёння, як і стагоддзі таму, у самыя важныя жыццёвыя моманты беларусы таксама стараюцца падтрымліваць адзін аднаго. Яскравы таму прыклад – суботнік, які збірае і дарослых, і дзяцей з адзінай мэтай – зрабіць усё дзеля таго, каб малая радзіма – Мінскі раён – стала яшчэ больш утульнай, прыгажэйшай. Для гэтага ёсць усе магчымасці, а час пакажа, на што здольны кожны прысталічны жыхар.

На тэрыторыі населеных пунктаў гарадскога, пасялковага і 18 сельскіх Саветаў ужо пачаўся збор смецця з-пад расталага снегу. Паўнавартасная праца, вядома ж, разгорнецца пазней, а першы тыдзень суботніка – у большай меры падрыхтоўка і арганізацыйная дзейнасць.

ПАСТАЯННЫ КЛОПАТ – АСНОВА ЛЮБОГА ПАРАДКУ
 
Ліхалецце  40-х не абышло ніводную беларускую сям’ю. Штогод падчас суботніка адказныя арганізацыі і прадпрыемствы наводзяць належны парадак на месцах пахавання воінаў і мірнага насельніцтва, знішчанага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

– Сёння мы павінны захаваць самае галоўнае – памяць пра тых, хто насмерць стаяў за мірнае неба і набліжаў Вялікую Перамогу. На тэрыторыі Хацежынскага сельскага Савета будзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка «Яны змагаліся за Радзіму», – адзначае старшыня Хацежынскага сельвыканкама Юрый Стукаў. – Будзе ўшанавана памяць 42 мясцовых жыхароў. Спонсарамі выступяць таварыства «Альфа-связь», кампаніі «Стройтехмашина» і «Налан». 

На працягу ўсяго перыяду добраўпарадкавання асаблівая ўвага, безумоўна, – воінскім пахаванням. Усяго іх пяць. Дзесьці неабходна пакласці плітку, высечы малады хмызняк, выкарчаваць старыя дрэвы і г. д.

 
Работа па добраўпарадкаванню будзе весціся і на тэрыторыях агульнага карыстання, якія замацаваны за мясцовымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Садовыя таварыствы таксама не застануцца ўбаку. Неабходная інфармацыя даведзена, таму кожны гаспадар павінен узяць у рукі інвентар і навесці парадак вакол свайго падворка.
 
У вясновым суботніку прымуць удзел і прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі «Белая Русь». Традыцыйна яны падкапаюць і пабеляць дрэвы, бардзюры, аздобяць клумбы, ачысцяць тэрыторыю ад смецця. 
 
– Аснова любога парадку – пастаянны клопат аб яго падтрыманні, – падкрэслівае Юрый Стукаў. – Цудоўна, калі людзі дружна займаюцца добраўпарадкаваннем сваіх населеных пунктаў. У выніку прысталічча становіцца яшчэ больш прывабным і камфортным. Асаблівую падзяку хачу выказаць кіраўнікам мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый за актыўны ўдзел, у тым ліку і спонсарскі, у правядзенні месячніка па добраўпарадкаванню на тэрыторыі Хацежынскага сельскага Савета.
 
ЗЯЛЁНЫ ПАСЁЛАК СТАНЕ ЯШЧЭ ЗЕЛЯНЕЙШЫМ
 
Першае, што прыходзіць у галаву пры згадванні Мачулішчаў, – вялікая колькасць дрэў у дварах і ўздоўж вуліц, кветнікі, стогадовыя карабельныя хвоі і сокалы-«чырванакніжнікі». Пасёлак – адзін з самых зялёных населеных пунктаў Мінскага раёна. Пачатак веснавой генеральнай уборкі тут сімвалічна супаў з семінарам «Зялёныя скарбы Беларусi» па аднаўленні ў біялагічным заказніку «Сакаліны» рэдкай расліны – асакі ценявой.

Аб плане мерапрыемстваў у рамках месячніка па добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый расказалі ў Мачулішчанскім пасялковым выканаўчым камітэце.
Асноўны фронт санітарных работ на пачатку тыдня стрымлівалі наступствы нядаўняй непагадзі. Выканана планавая абрэзка дрэў. Хутка камунальнікі пачнуць дэмантаж састарэлага абсталявання дзіцячых пляцовак, абновяць платы, зоймуцца ямачным рамонтам дваровых тэрыторый. ЖЭУ №6 ліквідуе несанкцыянаваныя сметнікі, у зоне адказнасці КУП «Мачулішчы-Сэрвіс» – чысціня месцаў агульнага карыстання, парадак на могілках.
 
Ёсць і праблемы, з якімі падчас месячніка працягнуць змагацца.
 
– Збор цвёрдых бытавых адходаў у пасёлку адбываецца на кантэйнерных пляцоўках. Але не ўсе жыхары даносяць пакеты са смеццем да кантэйнераў – пакідаюць каля пад’езда, напрыклад, – кажа Сяргей Крывашэй. – Яшчэ адзін балючы «мазоль» – сабакаводы. Зараз мы рыхтуем да размяшчэння інфармацыйныя планшэты, якія заклікаюць уладальнікаў сабак да свядомых паводзін. 
 
Першачарговыя задачы на бліжэйшы час для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў пасёлка, ЖБВК, ГБК – уборка замацаванай тэрыторыі, пад’язных шляхоў, рамонт і афарбоўка платоў. 
 
Будзе добраўпарадкаваны мемарыяльны комплекс на плошчы Герояў. Паклапоцяцца і пра жывое ўпрыгожванне пасёлка – падрыхтуюць кветнікі і клумбы. 
 
Прывядуць у належны стан лесапаркавую зону. 21 красавіка ў заказніку «Сакаліны» пройдзе суботнік у рамках рэспубліканскай акцыі па навядзенні парадку на ахоўных прыродных тэрыторыях. 
 
– На тэрыторыі заказніка такія акцыі праходзяць пастаянна, – адзначыў Сяргей Крывашэй. – Спадзяёмся, што мачулішчанцы далучацца да санітарнай ачысткі.
 
Веснавая генеральная ўборка, мяркуючы па ўсім, абяцае быць насычанай. Мачулішчанцы, без сумнення, зробяць свой пасёлак яшчэ зелянейшым, больш утульным і чыстым.

У біялагічным заказніку «Сакаліны» ў рамках партнёрскага праекта «Мачулішчы: экасуполка людзей, сокалаў і соснаў» будзе рэалізавана прыродаахоўнае мерапрыемства «Зялёныя скарбы Беларусі» па аднаўленні папуляцыі рэдкай расліны – асакі ценявой. Чакаецца, што ў хуткім часе ў сасновым бары высадзяць сеянцы асакі ценявой. 
 
АЗДОБІЦЬ КОЖНЫ КУТОЧАК
 
Папярнянскі сельсавет – адзін з буйнейшых у прысталіччы. Ён займае 19 тысяч гектараў – 11-ю частку тэрыторыі Мінскага раёна. Тут размешчаны тры аграгарадкі, 24 вёскі з чатырма тысячамі двароў, чатыры сярэднія школы. 

На тэрыторыі сельсавета 46 садовых таварыстваў, куды на выхадныя дні прыязджаюць, а ў некаторых з іх і пастаянна жывуць 16 тысяч чалавек. Налічваецца 11 могілак і 6 буйных воінскіх пахаванняў.

Восьмы год на чале сельсавета Мікалай Гільніч. На нядаўніх выбарах ён абраны дэпутатам Мінскага раённага Савета дэпутатаў.

– Самі разумееце, угледзець за парадкам на такой тэрыторыі вельмі няпроста, – заўважае Мікалай Яўгенавіч. – Таму, як толькі я заняў гэту пасаду, на пасяджэнні выканкама сельсавета мы прынялі рашэнне стварыць камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Кажухова». З часу яго з’яўлення і да сённяшніх дзён ім кіруе Аляксандр Сайкоўскі.
 
Прадпрыемства стала галоўнай ударнай сілай у навядзенні на тэрыторыі сельсавета належнага санітарнага парадку. Укамплектаванае спецыяльнай тэхнікай, яно выконвае нават самыя складаныя работы, у тым ліку па расчыстцы мясцовасці, вывазу з яе ўсяго непатрэбнага.
 
На тэрыторыі сельсавета звыш 40 розных камерцыйных прадпрыемстваў. Мясцовая ўлада таксама прыцягнула іх да работы па навядзенні парадку. Прычым не толькі на адлегласці 100 метраў у межах сваіх уладанняў, але і ў іншых месцах. У гэтым сэнсе асноўная нагрузка лягла на найбольш буйныя і развітыя прадпрыемствы. Такія, як «Прамхімгруп», што ўзначальвае дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Віталь Радзькоў, «Сантрэйд-сэрвіс» на чале з Сяргеем Бясчастным, «АБВГДэйка», дзе кіраўніком Віталь Хілевіч.
 
Не хаваюцца за чужыя спіны і работнікі выканкама сельсавета. Штогод на чале са старшынёй яны выходзяць на ўборку тэрыторыі.

– Наогул, я прыхільнік прымаўкі, якая сцвярджае: «Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць», – прызнаецца Мікалай Гільніч. – Але ж вы разумееце, што нават калі захоўваць усе нормы санітарнага рэжыму, то прыбіраць час ад часу ўсё ж неабходна. Асабліва пасля зімы, і цяперашні месячнік па добраўпарадкаванні не выключэнне.
 
Нягледзячы на тое, што з пачатку месячніка прайшло ўсяго некалькі дзён, работ па навядзенні парадку выканана нямала. У прыватнасці, спілаваны аварыйныя дрэвы, высечана кустоўе, вывезена смецце, ажыццёўлена грэйдзіраванне дарог, праведзены касметычны рамонт агароджы. Вядома ж, усе гэтыя работы зроблены не на ўсёй тэрыторыі сельсавета, але да канца гэтага месяца ніводзін куточак не застанецца па-за ўвагай работнікаў КУП «Кажухова», а таксама калектываў арганізацый і мясцовага насельніцтва, з якім сельсавет таксама «ваюе» за чысціню.
 
Крыху пазней пабеляць бардзюры, пасадзяць саджанцы дрэў (да 200 штук), кветкі, дэкаратыўныя расліны. У кожным населеным пункце з’явяцца новыя інфармацыйныя стэнды.
  
Члены выканкама і камісіі па добраўпарадкаванні сумесна з дэпутатамі сельсавета правядуць падворны абход населеных пунктаў і выдадуць гаспадарам прадпісанні. Да навядзення чысціні і парадку мясцовая ўлада тут падыходзіць грунтоўна. 
 
ПА СПРАВЕ І СЛАВА
 
Доўгачаканая вясна нарэшце прыйшла! Значыць, настала пара прыбраць тое смецце, што назбіралася за працяглы зімовы сезон. Маштабы ўборкі на тэрыторыі Каладзішчанскага сельсавета вялікія, таму лапаты, граблі, венікі і мяшкі ўзялі ў рукі не толькі камунальнікі, а і работнікі тутэйшых арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама кожны, хто лічыць сябе гаспадаром на гэтай зямлі.

– Парадак неабходна навесці як вакол сваіх дамоў, так і каля адміністрацыйных будынкаў, на вуліцах, у месцах масавага адпачынку, на могілках, – адзначае старшыня Каладзішчанскага сельвыканкама Алег Захарчыц. – Знешні выгляд аграгарадка не павінны псаваць недагледжаныя двары і прысядзібныя ўчасткі, замацаваныя за арганізацыямі і прадпрыемствамі тэрыторыі, паламаныя агароджы, звалкі смецця, зараснікі… У нашых сілах зрабіць месцы, дзе мы жывём і працуем, чыстымі і прывабнымі. Ды і што можа быць лепшым доказам любові да роднага населенага пункта, як не клопат аб яго прыгажосці. Дарэчы, да вясновай уборкі павінен далучыцца кожны!

Дзевяцікласнікі Каладзішчанскай сярэдняй школы ў ліку першых прыводзяць у парадак сваю тэрыторыю. Яны радуюцца сонейку, шпарка падбіраюць смецце і расчышчаюць рэшткі снегу на мемарыяле-помніку воінам, партызанам і падпольшчыкам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны, на Алеі настаўніцкай славы, а таксама ў школьным двары.
 
– Вучні – удзельнікі клуба «Спадчына», – адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыя Струнеўская. – Усе ўваходзяць у склад валанцёрскага атрада «Добрае сэрца»: заўсёды гатовыя дапамагаць і ўвасабляць у жыццё розныя акцыі. Іх задача сёння – акультурыць тэрыторыю і паказаць сваім прыкладам, што чыста там, дзе прыбіраюць.
 
Справіцца з паўсядзённымі клопатамі незалежна ад надвор’я дапамагае служба быту. Яшчэ здалёк мясцовых жыхароў і гасцей прываблівае прыгожы фасад з яркай шыльдай – гэта Дом быту «Калодзішчы». Падыходзіш бліжэй і разумееш, што гаспадары тут адказныя. Вакол парадак, тэрыторыя дагледжаная і чыстая. Месцамі яшчэ ляжыць снег, таму, не чакаючы, пакуль ён растане, работнікі ачысцілі ад яго дарожкі. Яны аб’яднаны адной думкай: там, дзе працуеш і жывеш, – зона павышанай адказнасці. Канкурэнцыя надта вялікая, таму неабходна змагацца за кожнага кліента, каб чалавек быў задаволены паслугамі і прыйшоў сюды яшчэ не адзін раз. Значыць, чысціню і парадак трэба падтрымліваць у першую чаргу, тэрыторыю ўпрыгожваць кветнікамі і дрэўцамі.
 
Адным словам, якія мы гаспадары – такія нашыя двары!

Крынiца: часопIс «Прысталiчча»