Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 375 54 54 / тел.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС
Рус  Бел  Eng 

Усе мы ў адной лодцы

01.06.2018 | Новости районных инспекций
Усе мы ў адной лодцы
У 1972 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла Сусветны дзень навакольнага асяроддзя (яшчэ – Дзень эколага). Яго ўстанаўленне павінна прабудзіць у кожным чалавеку імкненне да аховы навакольнага асяроддзя, садзейнічаць стварэнню бяспечных, гарманічных умоў жыцця.

Банальнае, на першы погляд, выказванне «Зямля – наш агульны дом» не паддаецца рэвізіі. Сапраўды, у якой бы краіне ні жыў чалавек, які б статус у грамадстве ні займаў – ён дыхае тым паветрам, што і астатнія, не застрахаваны ад прыродных катаклізмаў і небяспечных хвароб. Так атрымліваецца, што ўсе мы нібы звязаны адным ланцугом, нібы плывём у адной лодцы.

Пад рознымі лозунгамі праходзіць Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Сёлета, да прыкладу, абвешчаны бой пластыку, які становіцца адной з самых вострых праблем сучаснасці, негатыўна ўплывае на раслінны і жывёльны свет і наша здароўе.

Нядаўна ў паўночнай частцы Ціхага акіяна знойдзены цэлы «кантынент», які ўтварае пластык і іншае смецце, што выкінута людзьмі. «Кантынент» фарміруюць марскія цячэнні, якія зносяць смецце ў адно месца.

Высветлілася, што плошча смеццевай плямы складае 1,6 мільёна квадратных кіламетраў. Для параўнання: плошча Беларусі меншая за яго ў сем разоў – 207 тысяч квадратных кіламетраў. Агульная маса пластыку – 79 тысяч тон. Вучоныя адзначаюць небяспечнасць такой сітуацыі для экалогіі планеты.

І калі асноўная большасць з нас успрымае гэта свята (хаця, можа быць, і не свята зусім, а чарговую дату ў экалагічным календары) на ўзроўні эмоцый і спарадычных дзеянняў – адсартаваў і выкінуў у адпаведны кантэйнер бытавое смецце, прыбраў на вуліцы альбо ў двары, пасадзіў дрэўца, то ёсць у раёне служба, супрацоўнікі якой па сваіх службовых абавязках штодня звязаны з азначанымі праблемамі.

Назва ёй – райгарінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І ўзначальвае яе Уладзіслаў Чарноў.

– Уладзіслаў Віктаравіч, што вы можаце запісаць у актыў сваёй дзейнасці апошнім часам?

– Пачну, можа быць, з такой інфармацыі. У канцы мінулага года ўбачыла свет кніга «Прырода Маладзечанскага краю ў аб’ектыве». Яна стала вынікам конкурсу на адлюстраванне праз фатаграфію прыроды і чалавека. Удзел у конкурсе прынялі больш за 60 дарослых і юных маладзечанцаў, лепшыя работы змешчаны ў згаданым выданні. Мэта правядзення конкурсу – праз прыгожае выхаваць паважлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя, прыцягнуць увагу да экалагічных праблем, абудзіць пачуццё ашчаднага гаспадара і абаронцы ўсяго жывога.

– Кола абавязкаў інспекцыі, ведаю, даволі шырокае. На якія праблемы даводзілася звяртаць пільную ўвагу?

– Не будзе перабольшваннем сцвярджэнне, што ў кірунку аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў наша арганізацыя працуе ў раёне як ніякая іншая. Мы ахопліваем і аграрны сектар, і прамысловую вытворчасць, кантралюем навядзенне парадку на зямлі, сітуацыю ў жывёльным і раслінным свеце, аберагаем карысныя віды флоры і фаўны, змагаемся са шкоднымі, не характэрнымі для нашай экасістэмы… Словам, да ўсяго ў прыродзе маем дачыненне.

Вялікую праблему ўяўляюць чужародныя для нашай экасістэмы расліны, так званыя інвазійныя, расліны-агрэсары. Гэта, у прыватнасці, баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, клён ясенеліставы. Гадоў пяць таму баршчэўнік літаральна панаваў на многіх тэрыторыях. З-за яго жыхары Лешны называлі сваю вёску прапашчай. Сёння там расце бульба. Намаганнямі гаспадарак, мясцовай улады, меліяратараў, у першую чаргу назваў бы ПСУП «Хажоваагра-2009», філіял Аграфірма «Лебедзева», Цюрлёўскі сельвыканкам, удалося перамяніць сітуацыю. Цяпер у раёне налічваецца каля 8 гектараў, дзе сустракаецца расліна, – галоўным чынам на няўдобіцах, у цяжкадаступных для тэхнікі месцах. Сёлета на барацьбу з баршчэўнікам раённым сельскім Саветам выдзелены 10 тысяч рублёў. Упэўнены, што мы справімся з гэтым агрэсарам. Апошнім часам у раёне нямала зроблена ў плане скарачэння выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу. Ужо не «пахне» лакамі ды іншай «хіміяй» мэблевая фабрыка: тут у свой час зманціравалі сучасныя высокаэфектыўныя фільтры. У лідарах па ахоўных мерапрыемствах Маладзечанскія электрасеткі.
 
– Мы пачалі размову з напамінання пра «смеццевы кантынент» у акіяне. Засілле пластыку назіраецца і ў нас. Праблема выкарыстання адходаў жыццядзейнасці чалавека востра стаіць у раёне...

– Несанкцыянаваныя звалкі, сметнікі з’яўляюцца «радзімымі плямамі» на целе нашай зямлі, таму ў раёне пастаянна вялася і вядзецца работа па іх ліквідацыі. За апошнія сем гадоў на тэрыторыі Маладзечаншчыны ўдалося закрыць 70 такіх «аб’ектаў». Цяпер пасля рэкультывацыі на іх месцы расце лес. Побач з дзеючым палігонам прадугледжана пляцоўка для новага. Аднак сапраўдным прарывам можа стаць будаўніцтва побач з палігонам завода па перапрацоўцы смецця, праект праходзіць дзяржаўную экспертызу. Такія заводы існуюць у развітых заходніх краінах. Пра іх экалагічную чысціню сведчаць наступныя факты: канцлер Германіі Ангела Меркель жыве побач з такім заводам; у Аўстрыі на трубе падобнага прадпрыемства адкрыты рэстаран.

– Уладзіслаў Віктаравіч, нямала нараканняў гучала на чысціню вады ў рацэ Уша: выкіды з прадпрыемстваў, самавольныя «ўрэзкі» ў прыватным сектары і г.д. Ці мяняецца сітуацыя ў гэтым кірунку?

– Сапраўды, яшчэ нядаўна Уша лічылася адной з самых брудных рэк. Аднак агульнымі намаганнямі, не без садзейнічання жыхароў горада паступова ўдалося выправіць становішча – ліквідаваць урэзкі, прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Цяпер кантралюецца склад вады, якая праходзіць праз усе дзевяць сцёкаў у раку. Вызначаны самыя праблемныя, плануецца ў недалёкай перспектыве на іх канцавых участках узвесці лакальныя ачышчальныя збудаванні.
Чалавецтва крочыць наперад сямімільнымі крокамі.
 
І на гэтым шляху стварае нямала пагроз экалагічнага характару ўласнаму існаванню. Вось чаму кожны з нас павінен задумацца, перш чым без патрэбы сарваць кветку альбо спілаваць дрэва, бяздумна пакінуць цэлафанавы пакет у лесе альбо на лузе. Наш агульны дом – планета Зямля – безабаронны і крохкі. Ён настолькі вялікі, што ўмяшчаецца на далоні. Гэта вобраз, але вельмі праўдападобны.

Крынiца: часопiс "Маладзечанская газета" 
Фота: архіў Уладзіслава ЧАРНОВА
Наверх