Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 294 44 54 / тел.
+375 (17) 294 34 95 / факс
08.00 - 17.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС

Шукаць рэсурсы сярод адходаў

12.04.2018 | Новости районных инспекций
З 30-га сакавіка па 8-га мая на тэрыторыі раёна праводзіцца месячнік добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі. Работа гэтая аб’ёмная і, безумоўна, не абмяжуецца адным толькі вясеннім месяцам.

– Які ўклад у навядзенне парадку райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя?

Начальнік райінспекцыі Аляксандр САРОКА ў адказ на пытанне знаёміць з інфармацыяй адносна аб’ёмаў збору ў раёне другасных матэрыяльных рэсурсаў. У студзені – лютым бягучага года нарыхтавана амаль 75 тон адходаў паперы і кардону, 61 тона адходаў шкла, 9,3 тоны палімерных адходаў, 5,55 тоны адпрацаванага масла.

– Пры аб’ёме ўтварэння адходаў у колькасці 2390 тон такі паказчык, як узровень іх выкарыстання, складае 6,3 працэнта. Недастаткова, – адзначае Аляксандр Генадзьевіч, хоць Стаўбцоўскі раён па гэтым паказчыку знаходзіцца сярод іншых раёнаў Мінскай вобласці ў сярэдзіне. – У гэтым паказчыку не ўлічаны будаўнічыя адходы, якія знайшлі паўторнае прымяненне – на падсыпцы тэрыторый, рэкультывацыі парушаных зямель, добраўпарадкаванні выгульных двароў на МТФ. У якасці прыкладу рацыянальнага выкарыстання будаўнічых адходаў варта прывесці ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Каганец», ААТ «Дзераўное». Далучыўся да іх ТАА СЖК «Налібакі». Працаваць у даным накірунку мы нацэльваем усе суб’екты гаспадарання. Райінспекцыя гатова аказаць і аказвае метадычную дапамогу.      

– Асноўная маса адходаў трапляе ў кантэйнер…

– Так. На працягу апошніх двух гадоў мы вядзём работу з АКС па абсталяванні кантэйнерных пляцовак. З’явіліся яны ў тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Без кантэйнераў пакуль застаюцца 39 населеных пунктаў раёна з 200. Пры гэтым адно з патрабаванняў інспекцыі і райвыканкама – укараненне раздзельнага збору адходаў, каб з іх максімальна поўна атрымліваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы. АКС арганізавала і перасоўны закупачны пункт, які працуе згодна з графікам і заяўкамі. Яны перадаюцца напрамую або праз дыспетчарскую службу. Для больш эфектыўнай работы ў гэты ланцужок неабходна далучыць і сельвыканкамы. Райспажыўтаварыства таксама займаецца закупам другасных матэрыяльных рэсурсаў, але пакуль без выезду на раён.

– Вы казалі пра ўключэнне ў збор другасных матэрыяльных рэсурсаў сельвыканкамаў. Як наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне ў плане навядзення парадку?          

– У навядзенні парадку прыкладам можа служыць Налібацкі сельвыканкам, які прыцягвае да гэтай справы моладзь, усё насельніцтва. У бягучым годзе планую дэталёва вывучыць падыходы іншых сельвыканкамаў. Пачаў гэтую работу з Вішнявецкага сельсавета. У полі зроку – стан могілак, тэрыторый вытворчых, сацыяльных, камерцыйных аб’ектаў. У даным кірунку інспекцыя цесна супрацоўнічае з аддзелам архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай і землеўпарадкавальнай службамі райвыканкама, раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Менш становіцца закінутых участкаў. За мінулы год знесена 40 пустых дамоў (пры плане 33), і гэтыя зямельныя ўчасткі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот. У сваёй паўсядзённай рабоце кіруемся Дэкрэтам № 7, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 376, Кодэксамі аб нетрах і зямлі, Водным і Лясным кодэксамі. Упор робім на папераджальна-прафілактычныя метады, аднак у мінулым годзе не абышлося без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. З 64-х пратаколаў восем складзены на юрыдычных асоб, 19 – на службовых асоб. Сума штрафных санкцый склала 4795 рублёў.

Хацелася б адзначыць станоўчую работу лясгаса. Вялікая нагрузка прыпадае на прыгарадныя і багатыя на турыстаў Акінчыцкае і Апечкаўскае лясніцтвы. Іх ляснічыя М. М. Цялушка і У. В. Чэмка дакладна і бездакорна выконваюць патрабаванні інспекцыі. Актыўна працуе ляснічы Старынскага лясніцтва А. М. Лукша. Варта адзначыць працу старшыні садовага таварыства «Лясное-88″ В. Я. Яфрэмава.

– У раёне будзе будавацца новы палігон цвёрдых бытавых адходаў?

– У сувязі з закрыццём на тэрыторыі раёна ў 2016 годзе міні-палігонаў (у бягучым годзе практычна завершыцца іх рэкультывацыя) ставіцца задача будаўніцтва новага палігона цвёрдых бытавых адходаў. Дзеючы навасвержанскі палігон – малой магутнасці, разлічаны на 15-гадовы тэрмін эксплуатацыі. Пры існуючых аб’ёмах адходаў яго можа хапіць арыенціровачна да 2020 года. Палігон неабходны, і гэтую праблему разумее раённы выканаўчы камітэт. Ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя. На новым палігоне (яго плануецца размясціць паблізу Тонава) для ўкаранення больш эфектыўных метадаў перапрацоўкі і выкарыстання адходаў прадугледжана будаўніцтва сарціровачнай станцыі.    

– Планы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў даведзены сёння кожнаму калектыву. І ў вашым кабінеце стаяць каробкі з макулатурай….

– Калектыў інспекцыі – не выключэнне. Прыцягваем на дапамогу членаў сваіх сем’яў. Усе мы разумеем: павінна быць сабрана як мага больш другасных матэрыяльных рэсурсаў і найменш заставацца адходаў, якія вывозяцца на палігон і ўтылізуюцца. З боку інспекцыі ўстаноўлены жорсткі кантроль за гэтым. Да прыкладу, у сельгасвытворцаў шмат адходаў поліэтылену (для нарыхтоўкі кармоў выкарыстоўваецца стрэйч-плёнка), якія яны раней вывозілі на палігон. Цяпер ім даведзены план на збор гэтага і іншых відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў. Адносна сельгасвытворцаў магу сказаць яшчэ пра адну тэндэнцыю: летась не было зафіксавана фактаў пападання ў вадаёмы сцёкавых водаў. Каб выключыць забруджванне падземных водаў, на гэты год прадугледжаны тампанаж 16-ці свідравін, эксплуатацыя якіх спынена.

Раздзельны збор адходаў трэба пачынаць на ўласнай кухні. І тут хацелася б больш творчай, ініцыятыўнай работы з боку аб’яднання камунальных службаў. Апошнім часам падыход АКС змяніўся ў лепшы бок у плане атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў, утрымання палігона цвёрдых бытавых адходаў, зменшылася колькасць скаргаў і нараканняў ад жыхароў Стоўбцаў. Аднак трэба больш працаваць з насельніцтвам. Прапаноўваць, інфармаваць. Павышаць узровень свядомасці.

– Свядомасць фарміруецца з дзіцячага сада, школы…

– Інспекцыя працуе ў даным накірунку з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Хацелася б, каб у дзіцячых садах, школах выхоўвалася любоў да Радзімы праз жывыя куткі, пасадкі зялёных насаджэнняў, іх догляд. У 2015 годзе ў раёне прайшло знакавае мерапрыемства – эколага-патрыятычны марафон. На даны момант, паўтаруся, у горадзе і сельскіх населеных пунктах праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. Рэалізуецца план мерапрыемстваў. У чэрвені мы будзем адзначаць 425-годдзе Стоўбцаў, таму кожнаму з нас варта асабліва папрацаваць над іміджам свайго горада.  

Крынiца: часопiс "Прамень"