+375 (17) 375 54 54 / тел.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС
Рус  Бел  Eng 

Рэйд па Слуцку

11.06.2018 | Новости районных инспекций
Рэйд па Слуцку
Май нашы продкі невыпадкова называлі травень. Што-што, а трава ў маі – чэрвені, як правіла, буйная, расце імгненна. У летні перыяд газонныя тэрыторыі, месцы агульнага карыстання патрабуюць асаблівай увагі: абкошванне замацаваных тэрыторый – актуальная задача для прадпрыемстваў і грамадзян. На мінулым тыдні карэспандэнт «Слуцкага краю» разам з работнікамі аддзелаў эканомікі, гандлю і паслуг Слуцкага райвыканкама, Слуцкай ЖКГ, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, РАУС накіравалася ў чарговы рэйд па Слуцку. 

Нагадаю, пытанне навядзення парадку на тэрыторыі горада на асаблівым кантролі ў Слуцкім райвыканкаме. Відавочна, штотыднёвыя аб’езды Слуцка спецыялістамі раённых службаў, сустрэчы, растлумачальныя гутаркі з кіраўнікамі шэрагу прадпрыемстваў, прыватнымі прадпрымальнікамі, жыхарамі прыносяць свае вынікі. За папярэднія два тыдні горад, пазбавіўшыся ад лішняй расліннасці, стаў выглядаць больш акуратна, дагледжана, быццам з новай прычоскай. І ўсё ж пустазельных участкаў у мінулы чацвер убачылі яшчэ нямала…

Буйнела трава-мурава ў раёне аптэкі №175 на вуліцы Сацыялістычнай (РУП «Мінская фармацыя»). Зарослымі можна назваць участкі на вуліцы Леніна: толькі часткова была абкошана замацаваная тэрыторыя ТАА «Регион Проперти» ў напрамку ад магазіна «Домашний» да аўтобуснага прыпынку «Зеленхоз», а таксама ўчасткі ад вуліцы Пушкіна ў напрамку да вуліц Някрасава, Б. Хмяльніцкага, ад сярэдняй школы №9 да ПГВУП «Слуцкпрам» (Новік А.В., Скальская Н.І., Савановіч С.А.), ад павароту на ДУП «ПМК-226» да ўезду на прадпрыемства па добраўпарадкаванні Слуцкай ЖКГ (Сямёнаў А.Г.). Непрывабныя лапіны высокай травы ўбачылі і на вуліцы Гагарына, у тым ліку на замацаванай тэрыторыі ДУП «ПМК-226». Гэта далёка не поўны пералік адрасоў безгаспадарнасці, паводле інфармацыі Слуцкай ЖКГ, іншых зацікаўленых службаў, не было праведзена абкошванне замацаваных тэрыторый на вуліцах Сацыялістычнай (філіял «Ваенсэрвіс»), Гагарына (ДУП «СПМК-122»), Леніна (ДБУ №9, ГВУП «Лакнея»), Трайчанскай (ІП Гайдучэнка А.В.), 14 Партызан (ІП Ярмола В.В.)  і іншых. Спадзяёмся, юрыдычныя і фізічныя асобы, за якімі замацаваны тэрыторыі, усё ж знойдуць магчымасці для прывядзення іх у належны стан…

Большасць  суб’ектаў гаспадарання, прадпрымальнікі, грамадзяне з разуменнем ставяцца да заўваг рабочых груп па маніторынгу сітуацыі з навядзеннем парадку на тэрыторыях, аператыўна на іх рэагуюць (нагадаю, дарагія землякі, жыхары прыватнага сектара, што абкошванне, уборку тэрыторыі за плотам на вуліцы каля дома неабходна праводзіць да сярэдзіны праезнай часткі). Пасля нашага рэйду ўжо ў другой палове дня або на наступны дзень скошванне травы на замацаваных тэрыторыях  правялі ААТ «Слуцк-Модуль», гандлёвы дом «Кантынент», магазін «Сувязны», ААТ «Слуцкая фабрыка пашыву адзення», ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў», іншыя суб’екты гаспадарання, шэраг прадпрымальнікаў. Хочацца спадзявацца, што разуменне асабістай адказнасці за чысціню і ўладкаванасць роднага горада дойдзе да кожнага: клапаціцца пра Слуцк абавязаны не толькі камунальшчыкі, усе мы – случчане, бо тут жывём, тут растуць нашы дзеці, тут – наша малая радзіма, якую любіць і шанаваць трэба.

Крынiца: часопiс «Слуцкi край» 
Наверх