У Маладзечанскім раёне вядома каля 20 крыніц. Дзве з іх — «Крыніца Багдановіча» і «Крыніца Лешна» — з’яўляюцца гідралагічнымі помнікамі прыроды мясцовага значэння. Цяпер ідзе збор звестак пра ўсе натуральныя вытокі Маладзечаншчыны. Аб гэтым паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў.
Уладзіслаў Чарноў ля месца выхаду крынічнай вады ў Лоску.
Патрабуюцца шэфы
— Ведаць пра крыніцы вельмі важна, — падкрэсліў Уладзіслаў Віктаравіч. – Менавіта з іх з даўніх часоў людзі бралі пітную ваду. Ля крыніц праводзілі рэлігійныя абрады, устанаўлівалі крыжы, будавалі капліцы. Крыніцы шанавалі і бераглі. Ім пры-свячалі легенды і паданні. Традыцыі працягваюцца і цяпер.
Эколаг адзначыў, што крыніцы — гэта сапраўднае багацце рэгіёна. Яны ўплываюць на экасістэму, падтрымліваюць гідралагічны баланс тэрыторыі. А яшчэ ўпрыгожваюць ландшафт, прыцягваюць адпачывальнікаў, з’яўляюцца выдатнымі турыстычнымі славутасцямі. Таму Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выступіла з ініцыятывай прысвяціць чарговы міжнародны водны форум, які пройдзе ў нашай краіне, менавіта беларускім крыніцам.
— Рэльеф і геалогія Маладзечаншчыны такая, што крыніц на тэрыторыі раёна многа, — працягвае Уладзіслаў Чарноў. – Сярод самых вядомых крыніцы ля Лешна, Ракуцёўшчыны, Талуёў, Дубрава. У Лебедзеве з крыніцы пачынаецца рака Нявежа. Многія месцы выхаду падземных вод добраўпарадкаваныя і падтрымліваюцца ў належным стане. Аднак колькасць крыніц на пэўнай тэрыторыі змяняецца. Адбываецца гэта таму, што падземныя ручаі могуць перасохнуць або змяніць напрамак. Таксама ў залежнасці ад сезона ў іх змяняецца расход вады. На лёс вытоку можа паўплываць гаспадарчая дзейнасць чалавека. Вось чаму і распачаўся збор звестак пра крыніцы.
Адпаведныя запыты накіраваны ў сельвыканкамы. Аднак без дапамогі насельніцтва тут не абысціся. Звесткі можна накіроў-ваць на адрасы райінспекцыі па ахове прыроды і «Маладзечанскай газеты». Акрамя інфармацыі аб месцазнаходжанні вытоку было б цікава даведацца гісторыі і паданні, з ім звязаныя.
— У кожнага павінна быць свая крыніца, — зазначыў Уладзіслаў Чарноў. – Калі людзі возьмуць шэфства над імі, карысць будзе і прыродзе, і грамадству, і Маладзечаншчыне – нашай малой радзіме.
Цікава і павучальна
Разам з Уладзіславам Чарновым мы наведалі некалькі крыніц. Экскурсія аказалася цікавай і павучальнай.
Першай на маршруце была крыніца ля вёскі Лешна. Пра яе наша газета пісала шмат разоў. Крыніца шануецца вернікамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Сюды па ваду, якая вельмі смачная і лічыцца гаючай, прыяз-джаюць гараджане, прыходзяць мясцовыя жыхары. Адсюль пачынаецца невялікая рэчка, левы прыток Нявежы.
Крыніца ля вёскі Лешна.
Гідралагічны помнік прыроды добраўпарадкаваны. Падход да вады зручны, наваколле не за-смечанае. Наведваць гэта месца прыемна. Нездарма крыніца прызнана адным з цудаў Маладзечанскага раёна.
Наступны аб’ект – двайная крыніца ля вёскі Талуі. Насупраць яе праз дарогу знаходзіцца аграсядзіба «У Мароза» з вялікай калекцыяй сячкарань. Побач працякае невялічкая стромкая рэчка Гадзея. Створаны на ёй вадаём карыстаецца вялікай папулярнасцю ў аматараў рыбалкі.
Крыніца ля вёскі Талуі.
Па словах мясцовых жыхароў, адна з крыніц дае «жывую» ваду, другая — «мёртвую». Як сімвал адзінства беларускага народа на пляцоўцы ўстаноўленыя праваслаўны і каталіцкі крыжы. Тут жа пабудавана купель. Такім чынам, кожны падарожнік тут можа наталіць смагу, адпачыць і агледзець цікавую экспазіцыю.
Апошняй кропкай маршруту была крыніца ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Знаходзіцца яна ў маляўнічым месцы. Вада адразу трапляе ў купель. Названы выток у гонар велікамучаніка і лекара Панцеляймона.
Крыніца ў вёсцы Лоск.
У час экскурсіі мы ўбачылі, як гарманічна спалучаецца пашана да прыроды і Усявышняга, наколькі непарыўная сувязь паміж духоўным светам і прыродным багаццем. Хочацца, каб такіх прыкладаў было больш. А гэта ўжо залежыць ад усіх нас.
Крынiца: сайт "Маладзечанская газета". Аўтар - тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.