Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 294 44 54 / тел.
+375 (17) 294 34 95 / факс
08.00 - 17.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС

Пра добраўпарадкаванне, смецце и баршчэўнік Сасноўскага

02.05.2018 | Новости

Рацыянальнае выкарыстанне зямельных угоддзяў, барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага, санітарны стан населеных пунктаў і садовых таварыстваў. Гэтыя і іншыя пытанні трымаюць на кантролі работнікі Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Прафесійныя эколагі каардынуюць работу многіх арганізацый у галіне аховы прыроднай спадчыны. Гэта асабліва важна ў час правядзення месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. 

— Нядаўна інспектары арганізавалі некалькі рэйдаў па раёне і сталі ўдзельнікамі шасці маніторынгаў па праверцы выканання экалагічнага заканадаўства, — гаворыць начальнік інспекцыі Уладзіслаў Чарноў. — 
Па-за ўвагай правяраючых не засталіся факты безгаспадарчасці, няправільнага абыходжання з адходамі, іншыя парушэнні. Як высветлілася, некаторыя кіраўнікі сельвыканкамаў і суб’ектаў гаспадарання не надаюць належную ўвагу добраўпарадкаванню на сваіх тэрыторыях.

Так, у садовым таварыстве «Лютик-2008» у запушчаным стане была кантэйнерная пляцоўка для смецця. Адходы несанкцыянавана размяшчаліся ля мехдвара ў раёне вёскі Пятроўшчына. Побач з малочнатаварнай фермай у ААТ «Селеўцы» нехта выкінуў тушу жывёлы. Яна магла прыцягнуць сабак і іншых жывёл, хворых на шаленства. На тэрыторыі некалькіх сельскіх могілак адсутнічалі кантэйнеры для адходаў, у выніку чаго людзі былі вымушаны пакідаць смецце адразу за агароджай.

Таксама сярод выяўленых парушэнняў — няправільнае складзіраванне металалому, паламаныя платы вакол мехдвароў сельскагаспадарчых арганізацый, несанкцыянаваныя звалкі ля дарог, вёсак і садовых таварыстваў, засмечаныя месцы адпачынку. Ва ўсіх выпадках кіраўнікі і адказныя асобы, вінаватыя ў ігнараванні экалагічных норм, былі папярэджаныя або панеслі адміністрацыйнае пакаранне. 

Уладзіслаў Віктаравіч падкрэсліў, што садовыя таварыствы ўключаны ў схему абыходжання з адходамі. Кантэйнерныя пляцоўкі размешчаны ва ўсіх сельскіх населеных пунктах. Вяскоўцы і дачнікі маюць магчымасць легальна пазбавіцца нават ад буйнагабарытных непатрэбных рэчаў. Дык навошта ператвараць навакольную тэрыторыю ў звалку?

Дарэчы, заканадаўства дазваляе паўторнае выкарыстанне будаўнічых адходаў чацвёртага класа небяспекі, такіх, як бітая цэгла, бетон, шыфер… Іх можна прымяняць пры падсыпцы дарог, умацаванні супрацьпаводкавых дамбаў, у ландшафтным дызайне.

— Інспекцыя заклікае гаспадароў дачных участкаў і прыватных падворкаў як мага хутчэй навесці парадак у дварах. Зрабіць гэта можна ў час суботнікаў. А суб’ектам гаспадарання неабходна да 8 мая добраўпарадкаваць замацаваныя за прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторыі, — зазначыў Уладзіслаў Чарноў.

Адным з паказчыкаў рацыянальнага землекарыстання з’яўляецца паспяховая барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэта расліна-акупант «любіць» пусткі і закінутыя ўчасткі. Ёй няма месца там, дзе зямля выкарыстоўваецца па прызначэнні.

— Сёлета раёну выдзелена 10 тысяч рублёў на барацьбу з баршчэўнікам, — паведаміў субяседнік. — Хімічную апрацоўку засмечаных раслінай участкаў трэба правесці да сярэдзіны мая. Прыклад сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Хажоваагра-2009» (дырэктар Уладзімір Гнілазуб) паказаў, што «траве Геракла» можна даваць дастойны адпор.

Сярод адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, дзе добраўпарадкаванню ўдзяляецца належная ўвага, Уладзіслаў Чарноў адзначыў Мясоцкі і Маркаўскі сельсаветы.

"Маладзечанская газета"