Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 375 54 54 / тел.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС
Рус  Бел  Eng 

У Валожынскiм раёне адкрылася адзіная ў Беларусі экалагічная сцежка для людзей з iнвалiднасцю

28.08.2018 | Новости районных инспекций
У Валожынскiм раёне адкрылася адзіная ў Беларусі экалагічная сцежка для людзей з iнвалiднасцю
У Налібоцкай пушчы, на тэрыторыі Валожынскага раёна, адкрылася пакуль адзіная ў Беларусі экалагічная сцежка, прызначаная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

На двухкіламетровым маршруце мноства арт-аб’ектаў з прыродных матэрыялаў. Тут разнастайныя домікі для птушак, скульптуры з дрэва і лазы. Прыцягвае ўвагу сэнсарная сцяжынка з раскладзенымі на зямлі шышкамі, жвірам, галінкамі, карой… Хадзіць па ёй трэба басанож. Для «калясачнікаў» маршрут зручны дзякуючы спецыяльнаму пакрыццю і альтанкам з пандусамі.

Трэба адзначыць, што сцяжынку на працягу пяці дзён рыхтавалі і добраўпарадкоўвалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі разам з валанцёрамі. Ініцыятарамі праекта выступілі Валожынскі райвыканкам, мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя», грамадскія аб’яднанні «Беларускае таварыства інвалідаў» і «Адпачынак на вёсцы». Асноўную фінансавую падтрымку аказаў Еўрасаюз.

Свята разгарнулася побач з леснічоўкай на беразе ракі Іслач. На вялікай паляне працавалі тэматычныя пляцоўкі, майстар-класы. Удзельнікі асвойвалі ганчарнае майстэрства, выраблялі сувеніры, вучыліся ёзе і танцам, знаёміліся з прадукцыяй аграсядзіб.

Справу для сябе знаходзілі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства, у тым ліку людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Яны паспяхова спраўляліся з заданнямі, а ў настольных гульнях нават перамагалі. Было бачна, што калі для гэтага створаны адпаведныя ўмовы, гэтыя людзі могуць адчуваць сябе паўнавартаснымі членамі грамадства.

На спецыяльнай «сабачай» пляцоўцы гаспадары прадстаўлялі сваіх чатырохногіх гадаванцаў, жадаючыя маглі сфатаграфавацца з імі.

— Навукова даказана, што сабакі паляпшаюць самаадчуванне чалавека, узнімаюць настрой, — адзначыла кіраўнік ініцыятыўнай групы па каніс-тэрапіі (лячэнне з дапамогай сабак) «Корса» Юлія Алтунюва. – Для хвастатага падапечнага ўсе людзі роўныя. Ён любіць чалавека ў любым стане і выглядзе. А той падсвядома адчувае гэта і расслабляецца, раскрываецца перад сабакам. Менавіта таму каніс-тэрапія — эфектыўны метад лячэння і рэабілітацыі. Ён падыходзіць для хворых з рознымі дыягназамі.

Галоўнае, каб чатырохногі «тэрапеўт» меў спакойны характар.

Па словах работніцы Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Юліі Гісіч, вопыт Валожыншчыны па інтэграцыі інвалідаў будзе карысны ў іншых раёнах Беларусі. Ён паказвае, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць дасягнуць вялікіх поспехаў у розных сферах дзейнасці.

Завяршылася свята гучна і весела выступленнем вядомых беларускіх музычных гуртоў.

Крынiца: сайт "Млын.by"; Фото: wildlife.by
Наверх