Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 294 44 54 / тел.
+375 (17) 294 34 95 / факс
08.00 - 17.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС

Как обстоят дела со сбором бытовых отходом в Молодечно.

16.08.2018 | Новости районных инспекций
Як азбавіцца ад непатрэбнай складанай бытавой тэхнікі? Куды падзець выкарыстаную пэт-упакоўку? Колькі ў раёне пунктаў прыёму другаснай сыравіны і дзе яны знаходзяцца? З гэтымі пытаннямі жыхары горада і раёна часта звяртаюцца ў рэдакцыю «Маладзечанскай газеты». Адказаць на іх мы папрасілі інжынера па ахове навакольнага асяроддзя УП «Камунальнік» Анастасію Радкевіч.

— На Маладзечаншчыне створаны ўсе ўмовы, каб людзі сартавалі бытавыя адходы, — падкрэсліла субяседніца. — На спецыяльных пляцоўках устаноўлены кантэйнеры для збору шкла, палімераў і макулатуры. У горадзе дзейнічаюць сем стацыянарных прыёмных пунктаў другаснай сыравіны. Яшчэ тры створаны ў раёне. 

Прымаюць сыравіну і два мабільныя пункты. Увогуле, на другасную перапрацоўку можна здаць макулатуру, шклабой, пэт-бутэлькі, поліэтыленавую плёнку, каністры, флаконы з-пад мыйных сродкаў, адпрацаваны тэхнічны алей, зношаныя аўтамабільныя шыны, складаную бытавую тэхніку…

Мабільныя прыёмныя пункты працуюць па заяўках. Машына выязджае, калі трэба забраць 50 і больш кілаграмаў адходаў. Што тычыцца непатрэбнай складанай бытавой тэхнікі, за яе нават можна атрымаць грошы. Для гэтага непатрэбныя халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты, мікрахвалевыя печы і іншыя рэчы неабходна самастойна даставіць на ўчастак прыёмкі, сартавання і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў УП «Камунальнік» (вул. Велікасельская, 38в). Іх перапрацоўкай і ўтылізацыяй займаецца адкрытае акцыянернае таварыства «БелВТІ». Калі тэхніка ў поўнай камплектацыі, за кілаграм заплацяць 25 капеек.

— У хуткім часе будзе ўведзена ў эксплуатацыю лінія па перапрацоўцы пэт-упаковак. Тады другое жыццё набудзе і гэты від адходаў. А вось выкарыстаныя батарэйкі можна пакінуць ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, а таксама ў ГЖРЭУ. У некаторых аб’ектах гандлю ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры для ртутных лямпаў, — адзначыла Анастасія Радкевіч.

Спецыяліст паведаміла, што за студзень-ліпень УП «Камунальнік» сабраў і адправіў на далейшую перапрацоўку прыкладна 588 тон адходаў паперы і кардону, 500 — шкла, 117 – палімераў, 125 — зношаных шын, 7 — электрычнага абсталявання, 6 тон адпрацаванага тэхнічнага масла. У параўнанні з мінулым годам колькасць здадзеных другасных рэсурсаў у раёне павялічылася.

Інжынер па ахове навакольнага асяроддзя нагадала, што сартаванне бытавых адходаў дазваляе знізіць нагрузку на навакольнае асяроддзе і захаваць многія прыродныя рэсурсы.   

  • Адрасы нарыхтоўчых пунктаў у Маладзечне і раёне
  • тэрыторыя «Спецаўтагаспадаркі», вул. Велікасельская, 38в;
  • ГЖРЭУ №2, вул. Таўлая, 7;
  • ГЖРЭУ №6, вул. Вялікі Гасцінец, 147а;
  • тэрыторыя цэха па дрэваапрацоўцы (структурнага падраздзялення УП «Камунальнік»), вул. Віленская, 100;
  • лазня №5 УП «Камунальнік», вул. Паркавая, 9;
  • палігон цвёрдых камунальных адходаў;
  • гасразліковы рамонтна-будаўнічы ўчастак, вул. Грамадоўская, 16;
  • ЖКУ «Радашковічы», г.п. Радашковічы, вул. Набярэжная, 1;
  • ЖКУ «Чысць», п. Чысць, вул. Гастэлы, 10;
  • ЖКУ «Беразінскае», аг. Беразінскае, вул. Зялёная, 4. 

Мабільны прыёмны пункт можна выклікаць па тэл. 73-19-16.

Источник: Алег Бяганскі, сайт «Маладзечанская газета»