Мінскі абласны камітэт
прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя
Закрыць
+375 (17) 375 54 54 / тэл.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перапынак: 13.00-14.00
Выхадны: СБ, НД
Рус  Бел  Eng 

Важна, каб парадак стаў агульнай справай жыхароў раёна

23.10.2018
Мінулы суботнік у раёне супаў са штогадовай акцыяй “Чысты лес” і прадэманстраваў сумесную работу па навядзенні парадку і азеляненні.

Больш шматлюдна, чым у буднія дні, было ў суботу каля штучнага возера па вуліцы Перамогі. Тут працягвалася добраўпарадкаванне, у якім прымалі ўдзел арганізацыі і ўстановы горада – торфапрадпрыемства, аўтапарка №22, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, лясгаса, вытворчага ўчастка “Здравушка-мілк”, райвыканкама. Больш маштабна вялася работа лясгасам, работнікі якой высякалі хмызняк і прыбіралі смецце. Лес, што прылягае да возера, даўно слыве месцам адпачынку гараджан, толькі вось чысцінёй тут пахваліцца можна не заўсёды. Таму кожны год, і не адзін раз за год, сюды накіроўваецца дэсант з розных арганізацый або школ горада. На гэты раз разам з работнікамі лясгаса працавалі члены раённай арганізацыі БРСМ. “Мы і без таго планавалі правесці суботнік, — зазначала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Вяргейчык, — а калі была аб’яўлена акцыя “Чысты лес”, вырашылі далучыцца”.

Акрамя навядзення парадку ў лясах, працягвалася работа па аднаўленні лесу. Восень, як і вясна, традыцыйна час пасадкі дрэў і азелянення розных тэрыторый. Новыя насаджэнні паявіліся і на транспартных развязках каля аўтадарогі М-4 Мінск-Магілёў. Літаральна ў мінулую пятніцу створаны кампазіцыі з кустоў на развязцы непадалёк ад Лешніцы. Тут разам з дарожнікамі філіяла ДЭУ-6 працавалі работнікі райвыканкама, філіяла ДРБУ-192, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У суботу ўжо на развязцы каля Марціянаўкі бярозавы гай разам з дарожнікамі ДЭУ-6 закладвала кіраўніцтва раёна.

— Запланаваныя на час месячніка мерапрыемствы выконваюцца, — адзначаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў. — Але наперадзе яшчэ шмат работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні, і яна таксама будзе паступова і планамерна весціся. Важна, каб гэта стала агульнай справай жыхароў усяго раёна.

Дарэчы, на іншыя аб’екты ў мінулую суботу і на працягу ўсяго тыдня выходзілі розныя арганізацыі і ўстановы. Актыўная работа па навядзенні парадку вялася каля тэрыторыі “Будінвеста”, дзе ўдзельнічалі работнікі непасрэдна “Будінвеста”, райаграсэрвіса, ПМК-182, супрацоўнікі райвыканкама. Тут выкарчавалі старыя дрэвы, прыбралі галлё і каменне.

Камунальнікі выконвалі звыклую работу па навядзенні парадку ў горадзе.

Не спынялася работа і на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў. Да прыкладу, у Паплавах супрацоўнікі мясцовага сельвыканкама ў суботу прыводзілі ў парадак Паплаўскія могілкі, да гэтага такая ж работа была праведзена на могілках у Неганічах. Сваімі сіламі разам з насельніцтвам у час суботніка ўстанаўлівалі агароджу на могілках у Альхоўцы работнікі Бярэзінскага сельскага выканкама, прыбіралі тэрыторыю каля будынка сельсавета.

Адным з апошніх аб’ектаў увагі ў Дзмітравіцкім сельсавеце сталі могілкі ў вёсцы Лясковічы, дзе разам з работнікамі выканкама працавалі прадстаўнікі раённай ветлабараторыі і цэнтра райсельгасхарчу. Падчас работы на могілках у Прудку была задзейнічана тэхніка ПМК-182. Значную дапамогу ў выдзяленні тэхнікі аказаў індывідуальны прадпрымальнік, на падтрымку якога мясцовая ўлада разлічвае і ў далейшым. Як заўсёды, не абыходзіцца без “Бярэзінскага райаграсэрвісу”. У цэлым, задзейнічаны ўсе арганізацыі і ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета – школа, вучні якой фарбавалі плот у вёсцы; лясніцтва, работнікі якога высякалі кусты і хмызянкі. У бліжэйшы час, як падзяліўся планамі старшыня Дзмітравіцкага сельвыканкама В.В. Саскавец, мяркуецца навесці парадак на могілках у Дзмітравічах і Журоўцы, устанавіць новую агароджу пры ўездзе ў Дзмітравічы. Толькі б надвор’е не падвяло. Хаця, месячнік працягваецца ў любым выпадку.

Крынiца: сайт газеты "Бярэзiнская панарама"
Наверх