Мінскі абласны камітэт
прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя
Закрыць
+375 (17) 375 54 54 / тэл.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перапынак: 13.00-14.00
Выхадны: СБ, НД
Рус  Бел  Eng 

У Маладзечанскім раёне за парадкам на зямлі сочаць з паветра

30.03.2020
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў заклікаў кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання аператыўна наводзіць парадак на замацаваных землях.

— Уборка тэрыторый сёлета пачалася раней, чым у мінулыя гады, — адзначыў Уладзіслаў Віктаравіч. – Многія прадпрыемствы і арганізацыі выканалі ўжо адпаведную работу. Аднак ёсць і такія, дзе да яе нават не прыступалі. Усе факты выяўляюцца ў час тэматычнага маніторынгу.

Субяседнік падкрэсліў, што засмечанасць участкаў кантралюецца з паветра. Для гэтага выкарыстоўваецца авіяцыя або квадракоптар. Пакуль дрэвы не пакрыліся лісцем, з вышыні добра бачныя ўсе несанкцыянаваныя звалкі, смецце ля населеных пунктаў і ўздоўж дарог, закінутыя ўчасткі зямель, што не выкарыстоўваюцца.

— Найбольш фактаў засмечвання тэрыторыі фіксуецца ва ўсходняй частцы раёна, — заўважыў Уладзіслаў Чарноў. – Менавіта ў мінскім напрамку знаходзіцца большасць садовых таварыстваў, якія ўносяць «свой уклад» у забруджванне наваколля. Ёсць заўвагі і да сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Маркаўскага, Лебедзеўскага, іншых сельсаветаў, дарожнай службы. Увогуле, несанкцыянаваныя звалкі часцей за ўсё ўзнікаюць на ўчастках, якія не ўцягнуты ў сельгасабарот. Таму пытанні рацыянальнага выкарыстання зямель рэгулярна разглядаюцца ў райвыканкаме.

Начальнік інспекцыі закрануў пытанне навядзення парадку ў населеных пунктах і іх ваколіцах. Плануецца, напрыклад, павялічыць колькасць кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў у сельскай мясцовасці. Дзякуючы гэтаму наваколле стане больш чыстым, павысіцца доля выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў.

— Людзі, якія засмечваюць тэрыторыю або патураюць гэтаму, нясуць адміністрацыйную адказнасць, — паведаміў субяседнік. – Так, нядаўна быў устаноўлены грамадзянін, які выкінуў у недазволеным месцы старыя вянкі з могілак. Чалавеку давядзецца заплаціць за гэта немалы штраф.

У канцы размовы Уладзіслаў Чарноў нагадаў пра неабходнасць барацьбы з баршчэўнікам. Сёлета апрацоўка палёў спецыяльнымі хімічнымі прэпаратамі пачнецца ў красавіку. На гэтыя мэты з бюджэту выдзелена каля 20 тысяч рублёў. За бюджэтныя грошы расліна-агрэсар будзе знішчацца на землях агульнага карыстання. Фінансаванне адпаведных мерапрыемстваў на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый павінны ажыццяўляць самі суб’екты гаспадарання.

Нельга заставацца ў баку ад барацьбы з баршчэўнікам і гаспадарам прыватных падворкаў. Людзі могуць самастойна знішчыць «зялёнага акупанта» на сваіх участках. Паведамляць пра новыя арэалы на землях агульнага карыстання трэба ў мясцовыя сельвыканкамы.

Крынiца: сайт "Маладзечанская газета"
Наверх