Мінскі абласны камітэт
прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя
Закрыць
+375 (17) 375 54 54 / тэл.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перапынак: 13.00-14.00
Выхадны: СБ, НД
Рус  Бел  Eng 

Горача не толькі ў полі! Першыя вынікі тыдня лесу на Міншчыне

03.04.2020
Мясцовыя шкаляры мінулай суботай прынялі ўдзел у адкрыцці добраахвотнай Рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу – 2020» на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Любанскі лясгас». Варта адзначыць, что згаданая акцыя (а яна праводзіцца з 28 сакавіка па 4 красавіка) праходзіць у нашай краіне трынаццаты раз. Сёлета яна прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Увогуле ж тут, у адным з кварталаў Асавецкага лясніцтва, непадалёку ад Любанскага вадасховішча (у народзе яго называюць Дзікім возерам) сабралася звыш дзевяці дзясяткаў чалавек. Уласна работнікі лясгаса, частка якіх прыехалі з малымі дзецьмі, працаўнікі іншых арганізацый, устаноў раёна, бээрэсэмаўцы, вучні з той жа першай ды яшчэ з трэцяй гарадскіх школ… Усе яны вырашылі дапамагчы пасадзіць на ўчастках, дзе праводзіліся суцэльныя санітарныя высечкі, звязаныя з караедным усыханнем хваёвых бароў, маладыя дрэўцы.

– Нам такая дапамога вельмі дарэчы, – радуецца дырэктар Любанскага лясгаса Сяргей Шулякоўскі. – За апошнія тры гады вяршынны караед знішчыў звыш чатырох тысяч гектараў нашых лясных угоддзяў. Каб аднавіць тое, што давялося падчыстую ссекчы, працуем з максімальным напружаннем. Толькі сёлета мы намецілі заняць новымі насаджэннямі пяцьсот-шэсцьсот гектараў. І пад трыста гектараў ужо засадзілі. Паспелі б, магчыма, і больш, ды людзей не хапае. Таму, паўтаруся, нам такая дапамога вельмі дарэчы. Трэба сказаць, што тады, у 2017-м, лясы Любаншчыны вельмі пацярпелі ад нашэсця караеда (паводле падлікаў мясцовых спецыялістаў, на кожнае засохлае пасля дрэва прыпадала да дзесяці тысяч шкоднікаў). Асабліва лясныя масівы Нова-Урэцкага і Асавецкага лясніцтваў – самыя грыбныя, самыя ягадныя лясы раёна.

 – Гэтыя масівы ўвогуле шматпакутныя, – уздыхае галоўны ляснічы лясгаса Валерый Сухнат. – Летам 2015-га – засуха, у снежні 2016-га – марозны дождж. Усе гэтыя бедствы значна аслабілі нашы бары ды гаі, знізілі імунітэт раслін. І процістаяць вяршыннаму караеду ім вельмі цяжка…

І вось у глебу раз за разам утыкаюцца мячы Колесава, пакідаючы глыбокія лункі. У іх і высаджваюць смарагдавыя малюсенькія сасонкі. Пара для пасадкі, на думку Валерыя Генадзьевіча, зараз добрая: і тэмпература паветра яшчэ невысокая (у цяньку там-сям ляжыць снег), і зямля яшчэ вільгаццю багатая.

– Ліквідоўваць знішчаныя караедам участкі нам дапамагалі адзінаццаць лясгасаў Міншчыны, каля шасцідзесяці прыватных структур, якія займаюцца перапрацоўкай драўніны і нарыхтоўваюць у нас сыравіну, – працягвае галоўны ляснічы. – А вось аднаўляць лес даводзіцца, па сутнасці, уласнымі сіламі. Садзім з хвойных парод елку і тую ж сасну. Часам, як і тут, разам з бярозай.

З мяккаліставых парод садзім яшчэ алешыну. На больш нізкіх, прыбалочаных мясцінах. З парод цвёрдаліставых перавагу аддаём дубу, ясеню, клёну. Выключна імі плануем сёлета заняць 45 гектараў.

Дарэчы, хваёвыя масівы, паводле слоў Валерыя Сухната, паціху набываюць жыццёвую сілу. Гэта відаць нават па колеры дрэў: у мінулыя гады яны былі бледныя. Да таго ж цяпер на спілах сасонак пачала выступаць жывіца – смала, натуральная абарона ад караедаў.

Між тым удзельнікі акцыі, ужо справіўшыся з заданнем, пацягнуліся да дарогі, дзе чакае транспарт і палявая кухня. З-пад накрыўкі парыць духмяная гарбата. Да яе водару прымешваецца апетытны пах кексаў. Каму-каму, а дзятве, што наперабой дзеліцца ўражаннямі, перакусіць самы раз! Ды і дарослым таксама.

– Сёння, – падводзіць вынікі намеснік дырэктара Любанскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Наталля Лапцева, – мы разам пасадзілі тут каля чатырох гектараў новых хваёвых бароў. Пачатак «Тыдня лесу – 2020» пакладзены! У мінулым годзе за сем дзён такой жа акцыі занялі маладымі дрэўцамі – 792 тысячы штук – 130 гектараў. Упэўнена: і сёлета пастараемся. Бо на Любаншчыне нямала шчырых аматараў прыроды. Што ж, і сапраўды нямала!

Крынiца: сайт часопiсу "Мінская праўда", аўтар Сяргей КВІТКЕВІЧ
Наверх